9 красавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, у нарачанскай парафіі адбылася акцыя “Духоўнага ўсынаўлення” ненароджанага дзіцяці.  104 вернікі  парафіі –  гэта на 20 чалавек больш, чым у мінулым годзе –  узялі на сябе абавязак маліцца за дзіця, якому пагражае небяспека аборту.

«Духоўнае ўсынаўленне» — гэта малітоўны абавязак  канкрэтнай асобы ў інтэнцыі ратавання ва ўлонні маці жыцця, якое знаходзіцца пад пагрозай. Сутнасць яго заключаецца ў штодзённай малітве на працягу дзевяці месяцаў. Распачынаецца гэтая малітва  ва ўрачыстасць Звеставання Пана і заканчваецца ва ўрачыстасць Нараджэння Пана Езуса. Складаецца яна са спецыяльнай малітвы ў інтэнцыі дзіцяці, імя якога ведае Бог, а таксама з адной з таямніц святога Ружанца і дабравольнага выканання якой-небудзь рэлігійнай практыкі. Да гэтай справы можа далучыцца кожны чалавек, які палічыць, што зможа выканаць прыняты абавязак.

У нарачанскай  парафіі гэта акцыя праводзіцца з 2006 года, і па традыцыі тыя асобы, якія бяруць на сябе абавязак духоўнага ўсынаўлення, выйшаўшы да алтара, разам прамаўляюць формулу абяцання і супольна чытаюць адпаведныя малітвы.

 

Аўтар: Ірына Шнітоўская