14 снежня ў нашай парафіі падчас вячэрняй Святой Імшы распачалося святкаванне ўрачыстасцей 20-годдзя аднаўлення дзейнасці кармелітаў босых у Беларусі. Разам са шматлікімі вернікамі нарачанскай парафіі радасць дня 14 снежня, калі ў нашу парафію прыехаў першы кармеліт, раздзялілі айцы і браты-кармеліты з суседніх парафій: Мядзела і Канстанцінава.
Пробашч парафіі а.Бярнард Радзік успомніў усіх айцоў-кармелітаў, якія працавалі ў нашай парафіі, выпрошваючы для жывых усе патрэбныя ласкі, а для памерлых – вечнае збаўленне. Кранальным да слёз быў той момант, калі быў прачытаны ліст ад айца Аўгусціна Квяткоўскага, пробашча нарачанскай парафіі, які роўна 20 год таму першым прыехаў у Нарач. Зараз ён працуе ў далёкай Амерыцы ў штаце Каліфорнія, але тое, як да драбніц ён памятае падзеі тых далёкіх гадоў, сведчыць пра моцную духоўную сувязь з нашай парафіяй. У сваім лісце айцец Аўгусцін паведамляе, што нават напісаў апавяданне на англійскай мове пра тыя часы, каб на прыкладах паказаць сваім парафіянам моц веры і прыгажосць душы нарачанцаў.
Напрыканцы Святой Імшы а.Павел Леліто, які таксама 20 год працуе ў Беларусі, успомніў свой прыезд у Нарач і адзначыў, што вернікі парафіі далі яму сапраўдны прыклад веры.
І толькі дзеці і моладзь нарачанскай парафіі не да канца маглі зразумець слёзы на вачах старэйшых і настальгічныя ноткі, якія гучалі падчас прамоў: яны выраслі ў іншы час, час, калі ў касцёлах былі святары, калі ў касцёлы ішлі людзі, калі ў касцёлах гучала родная мова.
І ўзнагароджанне дыпломамі і падарункамі пераможцаў конкурса ведаў “Кветкі Кармеля” стала чарговым сведчаннем таго, што моладзь нарачанскай парафіі добра ведае жыццё святых Кармеля і сваё ўласнае жыццё будзе будаваць па іх прыкладзе.

Аўтар: Адміністратар