2009 год з’яўляецца юбілейным для тых парафій нашай дыяцэзіі, дзе нясуць сваё служэнне кармеліты босыя, бо дваццаць год таму ў нашу знявечаную бязвер’ем краіну прыехалі з місіяй айцы-кармеліты.
Першай прымала айцоў-кармелітаў парафія Святога Апостала Андрэя ў Нарачы. Сімвалічна тое, што айцы-кармеліты распачалі сваю дзейнасць у Нарачы 14 снежня, у дзень успаміну Святога Яна ад Крыжа, пісьменніка, паэта-містыка, рэфарматара ордэна кармелітаў.
Нарачанцы рыхтуюцца годна сустрэць гэты вельмі важны для парафіі юбілей: запланавана правядзенне цыкла катэхез для дзяцей і дарослых “Гісторыя і святыя ордэна кармелітаў”, прагляд фільма пра вялікага святога XX стагоддзя Рафала Каліноўскага, жыццёвы шлях якога быў цесна звязаны з Беларуссю, а таксама конкурс малюнкаў і конкурс ведаў для дзяцей і моладзі “Кветкі Кармеля”.
14 снежня будзе цэлебравацца ўрачыстая Святая Імша, падчас якой нарачанцы як парафіяльная супольнасць будуць дзякаваць Богу за дар апостальскай і душпастырскай дзейнасці айцоў-кармелітаў. Пасля Святой Імшы адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу малюнкаў і ведаў “Кветкі Кармеля”.

Аўтар: Адміністратар