11 кастрычніка адбылася сустрэча вернікаў нашай парафіі з ксяндзом-кардыналам Казімірам Свёнткам на пярэдадні 95-годдзя Яго Эмінэнцыі. Нарачанцы прыехалі ў Пінск, каб скласці самыя шчырыя пажаданні Чалавеку, Сведку Веры, які сваё жыццё склаў на алтар служэння Богу. Ксёндз-кардынал зачараваў усіх сваёй энергіяй, аптымізмам, інтэлігентным гумарам. А аповед Яго Эмінэнцыі пра страшныя часы пераследу і атэізму яшчэ раз пацвердзў выснову: з Богам можна перанесці ўсё. Разам з ксяндзом-кардыналам нарачанцы маліліся ля труны біскупа Зыгмунта Лазінскага не толькі ў сваіх інтэнцыях, але і ў інтэнцыях Каталіцкага Касцёла на Беларусі. Завяршылася сустрэча агульным благаслаўленнем пілігрымаў ксяндзом-кардыналам. Напрыканцы Яго Эмінэнцыя прызнаўся, што любіць нарачанцаў усім сэрцам. І нас гэта не здзівіла. А ведаеце чаму? Таму, што гэта любоў узаемная!!!

Прапануем Вашай увазе вершы, якія прысвяціла ксяндзу-кардыналу Казіміру Свёнтку наша парафіянка Бепершч Вікторыя

Яго Эмінэнцыі ксяндзу-кардыналу Казіміру Свёнтку да 95-годдзя

Праз гады святарства Вы прайшлі пагоркі, радасці,
сумненні свету і надзеі.
Шукалі Вы любові і даверу толькі і дажылі да гэтай радаснай падзеі.
Людзям і Усявышняму шмат гадоў на службе
мужна і з даверам перанеслі ўсё:
камеру смяротнікаў, сібірскія сцюжы,
на Алтар ахвярай склаўшы ўсё жыццё.
Вы – надзея сталых, вера маладых,
прыклад для дзяцей, а любоў – для ўсіх.
Божай дапамогі свет цяпер шукае,
каб знайсці апору ў сваім жыцці.
Асобу Вашу Богу ў апеку давяраем,
каб маглі падтрымку Божую знайсці!

Прысвячаецца ксяндзу-кардыналу Казіміру Свёнтку

Беларусь – край добрых людзей,
Чулых і адданых Богу.
Блакіт азёр, блакіт вачэй…
Спадабалася? Рушым у дарогу!

Жыве ў нашым краі чалавек,
Завуць Яго – Свёнтак Казімір.
Шмат Ён зрабіў за свой век:
Нёс веру, любоў і мір.

Адданы слуга Бога,
Першы ў Беларусі кардынал,
Хоць бедаў зведаў Ён многа,
Але не пакінуў свой дар.

Сібір не стала няшчасцем –
Хоць самых моцных ламала.
І ў сэрцы агонь не пагаснуў:
Любоў там да Бога палала.

Употайкі Імшу праводзіў,
Маліўся і прасіў цярпення.
І з ліку Збаўцы вачэй не зводзіў:
Прасіў для Краю благаслаўлення.

У савецкі час таксама не сядзеў –
Лячыў усцяж людскія душы, сэрцы.
Здаецца, Ён душой памаладзеў,
У Пінскай семінарыі зноў адчыніўшы дзверцы.

Да ўсіх адкрыты, шчыры, паважаны,
Святар сапраўдны – Свёнтак Казімір.
Краіне, людзям і Богу адданы,
Нясе Ён веру, любоў і мір.

Сапраўдны прыклад XX веку,
Fidei testis, святар навекі.
Сваё жыццё – аддаў Ён выхаванню.
Сваё жыццё – аддаў Ён чалавеку.

Аўтар: Адміністратар