У нарачанскай парафіі ў чарговы раз праходзіць перадкалядная акцыя “Святы Мікалай ідзе да дзяцей”.

Гэта акцыя ўпершыню была аб’яўлена ў парафіі ў Год міласэрнасці і мела на мэце падарыць свята дзецям-інвалідам і дзецям з малазабяспечаных сем’яў парафіі.

Удзельнікам акцыі мог стаць кожны: трэба было толькі прынесці якую-небудзь рэч: цацку, канцылярскія тавары, цукеркі і пакласці ў каробку, якая стаяла ў  касцёльным кіёску. З гэтых рэчаў і былі  сфарміраваны падарункі ад Святога Мікалая для дзяцей.

Гэта акцыя стала цудоўнай нагодай не толькі для дарослых стаць міласэрнымі, як Айцец, але і для бацькоў і катэхэтаў навучыць дзяцей уменню дзяліцца тым, што маеш, з бліжнім.

Акцыя мела вялікі поспех, і ў гэтым годзе каробка, у якую кладуць падарункі дзецям, ужо не аднойчы была напоўнена, а гэта значыць, што на святы Божага нараджэння Святы Мікалай прынясе радасць не ў адзін нарачанскі дом ці кватэру, а разам з ёй і часцінку людской любові і дабрыні.

Аўтар: Ірына Шнітоўская