На пярэдадні святкавання 103-яй гадавіны з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка нарачанцы ў чарговы раз правялі акцыю “Кветкі для Кардынала”

Два тыдні  таму нарачанскія парафіяне наведвалі Пінск і прывезлі з сабой да 103-яй гадавіны з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка букет чырвоных ружаў.

Некалі ў інтэрв’ю на сцвярджэнне журналіста, што на святарскім і жыццёвым шляху было больш церняў, чым ружаў, Яго Эмінэнцыя адказаў пытаннем: «Чаму вы лічыце, што гэта былі церні? Гэта былі ружы…Так, так! Толькі ружы бываюць рознага колеру — белыя, жоўтыя і, зразумела, чырвоныя. Але ўсё роўна гэта ружы!  Для мяне неістотна, дзе выконваць свае абавязкі і Божую волю: ці ў камеры смерці, чакаючы выраку, ці, скажам, прымаючы з рук Папы знак кардынальскай годнасці… І ў адным, і ў другім выпадку — адно і тое ж выкананне волі Божай. І там — ружа, і тут. Толькі колер у іх розны…»

Час жоўтых і белых ружаў для сведкі нязломнай веры ксяндза кардынала Казіміра Свёнтка ўжо мінуў. У  доме Нябеснага Айца Яго Эмінэнцыя будзе ўдыхаць  водар толькі чырвоных ружаў – чыстых, светлых, прыгожых, як наша любоў і памяць.

фота Ірыны Школінай

Аўтар: Ірына Шнітоўская